История, традиции, достижения учреждения образования

ЛЕТАПІС ДЗЯРЖАЎНАЙ УСТАНОВЫ  АДУКАЦЫІ  «СІВІЦКАЯ БАЗАВАЯ ШКОЛА» "СТАРОНКІ ШКОЛЬНАГА ЛЕТАПІСУ"

развернуть

 

Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 года Заходняя Беларусь, куды ўваходзіла Івянецкая гміна Валожынскага павета, да верасня 1939 года знаходзілася ў складзе буржуазнай Польшчы. Вёскі Сівіца, Пагарэлка, Вуглы па адмінстрацыйнаму падзелу ўваходзілі ў склад Івянецкай гміны. Пераважнае месца ў эканоміцы Валожынскага павета займала сельская гаспадарка. Найбольшая ўвага ўлад звярталася на падрыхтоўку настаўнікаў-паланістаў, якія выкладалі прадметы па гісторыі і культуры Польшчы на польскай мове. Прадстаўнікі польскіх улад адзначалі пра тутэйшы люд, што “самі жыхары даволі ўжыўчывыя, хочуць вучыцца, ахвотна прымаюць польскую культуру”, аднак жадаюць мець школы на беларускай мове. Ініцыятыва ішла ад простага народа, духавенства, беларускай інтэлігенцыі. Але санацыйная палітыка Варшавы была цалкам скіравна на паланізацыю ўсходніх крэсаў і з  кожным новым навучальным годам школы на роднай мове знікалі, саступаючы месца  польскамоўным. І толькі ў выніку прыняцця новай Канстытуцыі ўрадам Пілсудскага ў маі 1935 года былі часткова адменены некаторыя абмежаванні ў вобласці адукацыі.

Першая школа была адкрыта на нашай тэрыторыі ў 1935 годзе. Яна была двухкласнай, размяшчалася ў вёсцы Вуглы, у доме Мінкевіч Юзэфы. Вывучалі польскую мову, матэматыку, гісторыю і рэлігію.

У 1936 годзе на грошы мясцовага насельніцтва, часткова ўрада ва ўрочышчы Лозы была пабудавана новая драўляная школа. Патрэбна заўважыць, што яна была размешчана на тэрыторыі вельмі ўдала: адлегласць да вёсак Сівіца, Вуглы, Пагарэлка і хутароў была амаль, што аднолькавай. У школе займаліся 2 класы. Прадметы выкладаліся на польскай мове.

Пасля ўз’яднання заходніх зямель, у верасні 1939 года, школа працягвала сваю дзейнасць. Праз некаторы час школа была пераведзена на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, а таксама іншых прадметаў на роднай мове. З вывучэння быў выключаны такі прадмет, як “Закон божы”. Адначасова дырэктарам і настаўнікам працавала Вера Чаславаўна Шматувна, якая пражывала ў памяшканні школы. З надыходам Вялікай Айчыннай вайны школа працягвала працаваць да зімы 1941 года. Перад блакадай Налібоцкай пушчы, у ліпені 1943 года, школа была спалена нямецкімі карнікамі. Заняткі ў школе былі спынены. Настаўніца загінула разам з сынам у час блакады.

Пасля вызвалення тэрыторыі Івянецкага раёна ў 1944 годзе з верасня месяца заняткі ў школе аднавіліся. Дзеці займаліся ў захаваўшымся будынку сядзібы “Ланчыга”, а потым у хаце грамадзяніна Баршчэнкі.

Улетку 1945 года з сядзібы грамадзяніна Доўнара быў перавезены новы зруб, які застаўся ад прыстройкі ля млына, і былі пабудаваны памяшканні для першага і другога класаў, а таксама кватэра для дырэктара Сівіцкай сямігадовай школы. У школе налічвалася больш за 100 вучняў. Займаліся ў дзве змены. Дырэктарам школы была назначана маладая настаўніца Качан Ірына Сцяпанаўна. Умовы для заняткаў былі складаныя:  класы былі перапоўнены, не хапала падручнікаў, пісьмовых прылад, сшыткаў, мэблі.

У канцы саракавых гадоў дырэктарам школы працаваў Серафімовіч С.В. За час яго дырэктэрства да школьнай забудовы былі прыбудаваны яшчэ 4 класныя памяшканні і бібліятэка.

У пасляваенны час паслядоўна займалі пасады дырэктара Сівіцкай школы Кушнер І.М., Бабіновіч А.І., Леванчук М.С.,Чыкін В. А, Кацуба Т.І., Маркаў В.С.

З 1961 года па 1969 год педагагічны калектыў узначальваў Новік Пётр Антонавіч.

 З 1969 па 1973 года дырэктарам працаваў Садоўскі Святаслаў Феліксавіч.

У ліпені 1973 яго змяніў Лоўчы Уладзімір Віктаравіч, які працаваў да снежня 1989 года.

Са снежня 1989 года па чэрвень 1997 года дырэктарам працаваў Гарбачэўскі Уладзімір Уладзіміравіч.

Са жніўня 1997 года і па 2004 педагагічны калектыў узначальваў Хімарода Анатолій Антонавіч.

І вось у лютым 1998 г. быў здадзены доўгачаканы двухпавярховы будынак Сівіцкай базай школы. У ім размясціліся светлыя прасторныя класныя кабінеты, лабараторыі, спартыўная зала, вучэбныя майстэрні, сталовая, стаматалагічны кабінет, кабінет   радыяцыйнай бяспекі.

З 2004 года па 2013 год школу ўзначальвала Яновіч Іна Раманаўна.

З 18 чэрвеня 2013 года кіруе ўстановай адукацыі Бібік Людміла Іосіфаўна. 

 

 

ПАШПАРТ УСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ

Усяго навучэнцаў на  1 верасня 2024 года – 31:

 3 клас – 5 вучняў;

6 - 9 класы – 18 вучняў;

Выхаванцаў рознаўзроставай групы – 8;

Класаў камплектаў – 5

 

ВУЧЭБНА-МАТЭРЫЯЛЬНАЯ  БАЗА: • 10 вучэбных кабінетаў; • камп’ютарны клас; • бібліятэка; • сталовая; • майстэрня тэхнічнай працы; • кабінет абслугоўваючай працы; • спартыўная  зала;  • душавыя пры спартыўнай зале; • кабінет лабараторыя "Пазнай-ка".

 

У дзяржаўнай установе адукацыі «Сівіцкая базавая школа» працуе 12 педагогаў, з іх маюць:

  • Вышэйшую адукацыю – 9 (75 %)
  • Вышэйшую катэгорыю – 3 (25 %)
  • Першую – 8 (66,6 %).
свернуть

ЗНАКАМІТЫЯ ВЫПУСКНІКІ

развернуть

 Бібік Петр Іосіфавіч,

старшыня раённага  Савета дэпутатаў. Выпускнік 1975 года.

 

 

Голуб Тарэса Станіславаўна,

кандыдат філалагічных навук, лаурэат  Літаратурнай прэміі імя Максіма Гарэцкага. Выпускніца 1966 года.

 

 

Равінскі Генадзь  Антонавіч,

краязнаўца, публіцыст, педагог, даследчык літаратуры, гісторыі  і культуры свайго краю. Выпускнік 1950 года.

 

свернуть

ДОСТИЖЕНИЯ УЧРЕЖДЕНИЯ ОБРАЗОВАНИЯ

развернуть