АКЦЫЯ "КОЖНАЙ ПТУШЦЫ ПА КАРМУШЦЫ І ТАДЫ - З КОЖНАГА ДЗІЦЯЦІ ПА ЗЯРНЯЦІ"

04.02.2021

 

Зімовы час – гэта не толькі вясёлыя гульні, ажыўлёнае катанне з горак, гульня ў снежкі, але і моцныя маразы з пранізлівым ветрам. Гэта самы цяжкі час для зімуючых птушак. Перад імі паўстае жыццёва важнае пытанне, як пракарміцца: даступнай ежы становіцца значна менш, а патрэба ў ёй ўзрастае. Часам натуральны корм практычна недаступны, таму многія птушкі не могуць перажыць зіму і гінуць. Настае патрэба ім дапамагчы.  

У Сівіцкім дзіцячым садзе – базавай школе сярод выхаванцаў рознаўзроставых груп прайшла акцыя “Кожнай птушцы мы змайструем па кармушцы і тады –  з кожнага дзіцяці па зярняці”.

Мэта акцыі: фарміраванне у дзяцей абагульненага ўяўлення аб зімуючых птушках; развіццё пазнавальнай цікавасці ў дзяцей да жыцця зімуючых птушак; выхаванне клапатлівых адносін да птушак, жадання дапамагаць ім у цяжкіх зімовых умовах.

Бацькі і дзеці адказна аднесліся да сур’ёзнай і патрэбнай справы.    Былі   зроблены кармушкі сваімі рукамі, кожны з удзельнікаў прыдумаў сваю, асаблівую кармушку, праявіўшы талент, творчасць і спачуванне да зімуючых птушак. Дзеці з захапленнем расказвалі адзін аднаму пра цяжкасці і асаблівасці пры вырабе птушыных сталовых.

Дашкольнікі не проста ўдзельнічалі ў развешванні кармушак на дрэвах. Час, праведзены на прыродзе, стаў для іх сапраўдным маленькім святам: выхаванцы кармілі птушак  прыгатаваным загадзя пачастункам, чыталі вершы і разгадвалі загадкі пра птушак.

Дзеці клапатліва ставяцца да птушак і штодня дзяжураць у «Птушынай сталоўцы», чысцяць і падпраўляць кармушкі, папаўняюць іх сабраным кормам. А птушкі і рады: з усіх бакоў злятаюцца, ім такі прыём вельмі падабаецца.

Вынікам добрай падкормкі з’яўляецца тое, што зграйкі птушак у чаканні корму трымаюцца на ўчастку дзіцячага саду – школы, чакаюць яго. А для таго, каб дзеці ведалі, як называецца той ці іншы наведвальнік кармушкі, чым ён любіць паласавацца, выхавацелі вывучалі кнігі з выявамі птушак і парадамі, прагледзелі шэраг прэзентацый аб зімуючых птушках, праводзілі пазнавальныя заняткі, гутаркі.