УВАГА! ПАЖАРАНЕБЯСПЕЧНЫ ПЕРЫЯД

15.03.2022

Нягледзячы на тое, што вясна яшчэ цалкам «не ўступіла ў свае правы» і не пачала цешыць нас цёплымі днямі, на тэрыторыі Рэспублікі ўжо фіксуецца вялікая колькасць выездаў на тушэнне травы і хмызнякоў. Валожынскі раён не выключэнне - па стане на 14 сакавіка зафіксаваны 11 выездаў на тушэнне сухой расліннасці і смецця. Адзін з іх 12 сакавіка ў вёсцы Далідавічы.

11 сакавіка ў 14 гадзін 47 хвілін у цэнтр аператыўнага ўпраўлення паступіла паведамленне аб загаранні сухой расліннасці ў вёсцы Далідавічы Валожынскага раёна.

Першымі на месца надзвычайнай сітуацыі прыбылі ратавальнікі з Івянца. Яны і выявілі, што гарыць не толькі сухая трава, але яшчэ і склеп. Як пазней патлумачыла сама віноўніца пажару, яна вырашыла навесці парадак на прысядзібным участку, сабрала смецце і вырашыла яго спаліць. Месца для гэтага яна выбрала зусім няўдалае: побач з пабудовай і на сухой траве. Надвор'е, дарэчы, таксама было ветранае, што таксама спрыяла хуткаму распаўсюджванню агню. Пакінуўшы на некалькі хвілін вогнішча без нагляду, жанчына пайшла ў дом. Калі врнулася, ўбачыла, што агонь хуткімі тэмпамі распаўсюджваецца па ўсім участку. Яна адразу ж выклікала ратавальнікаў і разам з суседзямі пачала тушыць узгаранне. Прыбыўшыя ратавальнікі хутка ліквідавалі ўзгаранне і не дапусцілі распаўсюджванне агню на суседнія будынкі.

Нажаль, часцяком, у пагоні за парадкам мы «забываем» аб неабходнасці наводзіць гэты самы парадак бяспечна. Да таго ж, «зверхініцыятыўнасць» грамадзян разам з няведаннем, а часам і простым нежаданнем выконваць элементарныя правілы пажарнай бяспекі, прыносіць свой «плён»: паводле афіцыйнай статыстыкі ў гэты перыяд істотна пачашчаюцца выпадкі пажараў ад выпальвання сухой расліннасці і смецця, згараюць дамы і гаспадарчыя пабудовы, і, што самае страшнае, гінуць і траўміруюцца людзі.

12 сакавіка 2022 у 16 гадзін 28 хвілін у службу выратавання Петрыкаўскага района Гомельскай вобласці паступіла паведамленне аб загаранні сухой расліннасці ў вёсцы Міхедавічы Петрыкаўскага раёну.

Калі ратавальнікі прыбылі да месца выкліку было ўстаноўлена, што адбываецца адкрытае гарэнне сухой расліннасці на прысядзібным участку па завулку Лясному. У 16 гадзін 55 хвілін пры правядзенні разведкі на тэрыторыі выгаралай травы знойдзена моцна абгарэлае цела пенсіянеркі 1935 года нараджэння, якая пражывала ў суседні8м доме з участкам, які гарэў.

Памятайце: дапускаецца разводзіць вогнішча на прысядзібным участку (у тым ліку і для спальвання смецця) пры выкананні простых умоў бяспекі. Па-першае, падрыхтуйце месца пад вогнішча – выкапайце невялікае паглыбленне ў глебе, абкладзіце месца пад вогнішча камянямі, цэглай або пяском. Паклапаціцеся пра тое, каб побач з вогнішчам  знаходзіліся першасныя (падручныя) сродкі тушэння пажару – вада, рыдлёўка, той самы пясок, вогнетушыцель. Абавязкова звярніце ўвагу на надвор’е – выбірайце, канешне, бязветранае надвор’е. Ні ў якім разе не пакідайце вогнішча (касцёр) без нагляду і не даручайце кантроль за ім дзецям. І яшчэ адзін важны момант – не выкарыстоўвайце для распальвання вогнішча лёгкаўзгаральныя вадкасці. Не забывайцеся, што раскладанне вогнішча дазволена на такой адлегласці, якая гарантуе, што полымя (іскры) не пападуць на будынкі, скірды саломы і не стануць прычынай пажару. І, канешне, памятайце пра “фінальны этап”: патушыце вогнішча, разварушыце вуголле і дайце яму прагарэць, а потым – заліце вадой і закідайце глебай месца вогнішча.

Аднак памятайце пры гэтым: выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях ЗАБАРОНЕНА!

Паважаныя грамадзяне, памятайце: прычына пажару - людская халатнасць і бестурботнасць.